Исторические периоды развития Государственного учреждения образования «Маякская средняя школа»

Якая вялікая цяга да ведаў была ў нашых продкаў. Навучанне было не абавязковым, але, нягледзячы на гэта вучыцца жадалі. Першае знаёмства з граматай адбывалася па хатах.

Па расказах жыхара в. Дзюдзева Мяцельскага С.А., гадоў 10 па хатах вучыў Мяцельскі Мікіта з Грэска. Таксама па хатах вучыў Місько Мікалай (1915 г.), пасля Мікіты Мяцельскага дзяцей вучылі Астроўскі Іван Сямёнавіч і Нямковіч Рыгор Якаўлевіч з Ануфравіч, Булько Дзмітрый, Апанас Фёдаравіч Анташэўскі (з 1918 па 1920 гг.). Анташэўскі быў адукаваны і энергічны афіцэр, скончыў юнкерскае вучылішча, быў камандзірам роты 382 дружыны. У 1923 г. у Слуцк прыязджаў старшыня ЦВК БССР Чарвякоў А.Р., які ўласнаручна падпісаў дакумент на лесаматэрыял, з якога у 1924 г. быў пабудаваны першы будынак школы.

Першы будынак школы

Гісторыя нашай школы пачынаецца з 1924 года, тады быў пабудаваны яе першы будынак на сродкі сялян. Ініцыятарам пабудовы і першым яе настаўнікам стаў Анташэўскі Афанасій Фёдаравіч. Гэта быў адукаваны чалавек (закончыў кадэцкі корпус). Уліку першых настаўнікаў жыхары вёскі таксама называюць Раманоўскага Пятра, які жыў пры школе і працаваў адразу ў чатырох групах. Ён быў выдатным прафесіяналам. Добра ведаў методыку выкладання прадметаў, дасканала валодаў музыкальнай справай: выдатна іграў на скрыпцы, ведаў нотную грамату і цікава праводзіў урокі музыкі і спеваў. Нават у сярэдзіне 30-х гадоў, калі працаваў ужо ў іншым месцы, наведваў в.Дзюдзеў (сучасная в.Маяк), а па запрашэнню калгаснікаў прыязджаў на калгасныя вечарынкі, у якасці ганаровага госця.

Другі будынак школы

У 1934 годзе пабудаваны другі будынак школы і адкрыты 5 клас. Дырэктарам у гэты час быў Вісловіч з в.Раманава. І па 1939 год настаўнікамі ў школе працавалі: Куцалай і яго жонка Усціновіч Ніна Львоўна, Савіцкі Фёдар, Есмак Аляксей Канстанцінавіч, Мяцельскі Аляксей Дзмітрыевіч, Карпучок Міхаіл Емельянавіч, Рывінская Ганна Андрэеўна. Дырэктарам школы ў гэты час быў Герман Кірыл Конанавіч (жыў у Мінску і доўгі час працаваў у БДУ).

Герман Кірыл Конанавіч

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Узначальваў школу ў 1934 – 1935 гг.

Калектыў настаўнікаў Дзюдзеўскай школы 1935 г.

Сямігадовае навучанне

З 1939 – 1940 навучальнага года пачалося сямігадовае навучанне. У гады вайны школа працавала да 1943 года і аднавіла сваю работу ў 1944 годзе. Напярэдадні вайны дырэктарамі школы працавалі: Юшкевіч Павел Іванавіч, Баравік Фёдар Васільевіч. Настаўнікамі былі: Стрыжэўская Станіслава Адамаўна, Махун, Ісаенка, Гаўрук і іншыя.

Першы выпуск школы

У пасляваенныя гады пачаўся рост класаў. І ўжо ў 1949 – 1950 навучальным годзе адбыўся першы выпуск Дзюдзеўскай сярэдняй школы. Гэта былі:

Бранавец Надзежда Аляксееўна – настаўніца

Бранавец Іван Нікіфаравіч – урач

Бранавец Зінаіда Данілаўна – настаўніца

Дзячок Ніна Арсеньеўна

Кулікоўскі Леанід Іванавіч – урач

Кіршчэня Мікалай Іванавіч – урач

Лазоўская Сафія Арсеньеўна – настаўніца

Мароз Ганна Антонаўна – настаўніца

Мароз Алёна Якубаўна – настаўніца

Нямковіч Міхаіл Сцяпанавіч – урач

Сыцько Віктар Антонавіч – ваеннаслужачы

Тагановіч Іван Пятровіч – ваеннаслужачы

Храмцэвіч Тамара Фёдараўна – медработнік

Санько Марыя Мікалаеўна

Саладуха Ніна Міхайлаўна

Тагановіч Ніна Андрэеўна – калгасніца

Настаўнікі першага выпуска

Пуцёўку ў жыццё ім далі наступныя настаўнікі:

Арцюшкевіч Пётр Якімавіч

Мароз Аляксей Фёдаравіч

Гарашчэня Уладзімір Паўлавіч

Сёміна Маргарыта Віктараўна

Мяцельскі Аляксандр Сяргеевіч

Сыцько Марыя Антонаўна

Мяцельская Надзежда Васільеўна

Беліцкі Мікалай Аляксандравіч

Піскуноў Міхаіл Васільевіч

Завацкая Марыя Іванаўна

Мяцельская Вольга Сяргееўна

Смольская Аляксандра Мікалаеўна

Мароз Ганна Аляксандраўна

Жук Мікалай Дзянісавіч

Буряк В. І.

Глевіч О. П.

Дырэктарам школы ў той час быў Мяцельскі Васілій Фёдаравіч.

Васілій Фёдаравіч (1915 – 1982 гг.) – ветэран вайны і працы. Да апошніх дзён свайго жыцця ён працаваў у школе.

Мяцельскі Васілій Фёдаравіч – працаваў дырэктарам адразу пасля вайны

Настаўнікі Дзюдзеўскай школы 1949 г.

Гады ўздыму і аднаўлення народнай гаспадаркі

1945 – 1950 гг. - гэта гады ўздыму народнай гаспадаркі. Педкалектыў школы ўносіць вялікую лепту ў выхаванне падрастаючага пакалення. Моладзь цягнецца да ведаў. З 16 чалавек першага выпуску 10 з іх атрымалі вышэйшую адукацыю (4 – урачы, 4 – настаўнікі, 2 – ваеннаслужачыя).

1949 год – вучні 5 класа

Аглядаючыся на пройдзены школай шлях, трэба адзначыць, што настаўнікі школы былі людзі закаханыя ў сваю працу. Яны заўсёды былі ў гушчы падзей, якія адбываліся ў мясцовасці. Школа папаўняецца настаўнікамі з вышэйшай адукацыяй.

Арцюшкевіч Пётр Якімавіч

З 1952 г. па 1957 г. узначальваў школу (выкладаў гісторыю)

Вялікую ролю ў выхаванні моладзі адыгрывалі вучнёўскі і камсамольскі камітэты і піянерскія арганізацыя. А ўзначальвалі іх лепшыя вучні школы: Кіршчэня Мікалай, Нямковіч Мікалай, Савіч Аляксандр, Савіч Анатолій, Вечар Ліна. Піянерскай важатай у гэты час працавала Крукоўская Ларыса Антонаўна.

Трэці будынак школы

З 1957 па 1970 год дырэктарам школы працуе Мяцельскі Васілій Цімафеевіч, а завучам – Мяцельскі Аляксандр Сяргеевіч. Гэта настаўнікі-ветэраны. Узначаліўшы школу, яны не толькі выхоўваць моладзь, але і выконваюць вялікую грамадскую работу. Школа працуе ў 2 змены. Будуецца трэці (цагляны) будынак, адкрываецца майстэрня, сталовая. Работу па прапагандзе культуры ў мікрараёне школы ажыццяўляюць настаўнікі. Правядзенне выбараў, спектаклі, канцэрты, традыцыйныя святкаванні, брыгадныя сходы – ўсё гэта адбывалася з іх дапамогай.

Мяцельскі Васілій Цімафеевіч усё жыццё разам са сваёй жонкай Тарасевіч Аляксандрай Афанасьеўнай прапрацаваў у школе. У 1951 годзе ён, пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута працаваў дырэктарам Ужанскай сямігодкі, пасля да 1955 года працаваў настаўнікам Пукаўскай сярэдняй школы. З 1955 па 1956 г. – Інспектар Грэскага РАНа. У Дзюдзеўскай школе пачаў працаваць выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры з 1955 года і па 1993 г. Васілій Цімафеевіч добра ведаў родную мову і мог развіваць гэты дар у сваіх вучнях. Пад яго ўплывам пачаў фарміравацца як пісьменнік выпускнік Дзюдзеўскай сярэдняй школы Жук Алесь Аляксандравіч. Мяцельскі Васілій Цімафеевіч – “Выдатнік народнай асветы”, узнагароджаны ганаровай граматай Вярхоўнага Савета, мае медалі “За доблесную працу”, “Ветэран працы”.

Мяцельскі Васілій Цімафеевіч – дырэктар з 1957 па 1970 г.

Жонка Мяцельскага Васіля Цімафеевіча – Аляксандра Афанасьеўна з 1956 па 1987 год працавала выкладчыкам фізікі. Аляксандра Афанасьеўна змагла зацікавіць сваім прадметам многіх вучняў, якія потым сталі фізікамі-прадметнікамі. Школа заўсёды прымала ўдзел у раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіядах. Выпускнікі Цвірко Мікалай, Нямковіч Мікалай – займаюцца навукай у галіне фізікі, любоў да якой прывіла ім Аляксандра Афанасьеўна.

Мяцельскі Аляксандр Сяргеевіч

З 1970 па 1976 г. дырэктар школы

Мяцельскі Аляксандр Сяргеевіч шмат гадоў працаваў завучам, а з 1970 па 1976 г. працаваў дырэктарам школы. Закончыў БДУ, настаўнік-філолаг. Граматны і здольны выкладчык, карэктны, высокай культуры чалавек. Працаваў у школе разам з жонкай - Астроўскай Сафіяй Сцяпанаўнай (пачалі працаваць з канца 50-х гадоў). Сафія Сцяпанаўна настаўніца пачатковых класаў. У гады вайны яна знаходзілася ў партызанскім атрадзе.

Адным са старэйшых настаўнікаў Дзюдзеўскай, а пасля і Маяцкай сярэдняй школы быў Жук Мікалай Дзянісавіч. У школе пачаў працаваць са снежня 1947 года. Працаваў спачатку ваенруком, а пасля заканчэння ў 1955 г. БДУ працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Жук Мікалай Дзянісавіч – ветэран вайны і працы. Шмат гадоў узначальваў прафсаюзны камітэт школы.

Рычык Іван Кузьміч удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, выкладчык рускай мовы і літаратуры. У школе працаваў разам з жонкай Надзеждай Васільеўнай, якая выкладала матэматыку з 1958 па 1980 год.

Смольская Аляксандра Мікалаеўна – выкладчык рускай мовы і літаратуры. Працуючы ў школе з 1939 па 1971 г., яна прывівала вучням любоў да літаратуры і мовы, шмат гадоў кіравала драматычным гуртком. Аляксандра Мікалаеўна граматная, патрабавальная і ў той жа час сціплая настаўніца, якую паважалі вучні і калегі.

Шаплыка Надзея Аляксандраўна ў школу прыйшла працаваць у 1970 годзе. Яна выкладала хімію. З 1978 года да пенсіі 1990 г. яна працавала завучам школы.

Пасля Мяцельскага Аляксандра Сяргеевіча, школу ўзначальвалі:

Дубінка Георгій Васільевіч – з 1976 па 1985 гг., у школу прыйшоў у 1961 г., выкладчык матэматыкі

Гірэль Анатолій Міхайлавіч – 1985 – 2004 гг., выкладчык геаграфіі

Гаркавенка Валерый Віктаравіч – дырэктар школы з 2004 па 2016 г., выкладчык гісторыі і грамадазнаўства

Зараз (з 2016 г.) школу ўзначальвае Наумаў Аляксей Уладзіміравіч, выкладае фізічную культуру і здароўе

У 1970 годзе Дзюдзеўская школа перайменавана ў Маяцкую сярэднюю школу.

1 верасня 1990 г. адкрыўся новы сучасны двухпавярховы будынак Маяцкай сярэдняй школы.

25 красавіка 1998 г. – гасцінна расчыніў дзверы школьны музей.

У 2024 г. нашай школе споўніцца 100 гадоў.

Зараз калектыў настаўнікаў налічвае 16 педагогаў. Атрымліваюць адукацыю 73 навучэнцы.

Ідуць гады, мяняюцца пакаленні… Школа з павагай адносіцца да тых, хто працаваў на творчай ніве народнай адукацыі. У розных галінах вытворчасці працуюць выпускнікі Маяцкай сярэдняй школы. Імёны многіх з іх вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі.